СТАРАЖЫ́ТНАГА МІЖЗЕ́М’Я БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

фларыстычная і зоагеагр. вобласць сушы. Знаходзіцца на Пн ад Паўн. тропіка, ахоплівае арыдныя і субарыдныя зоны вакол Міжземнага м. і ў Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Уваходзіць у царства Арктагею, падцарства Палеарктычнае. 2 падвобласці: Міжземнаморская і Сахара-Гобійская. Лета сухое, што абумовіла развіццё пустынь ад Паўн. Афрыкі да Цэнтр. Азіі, ападкі пераважна ў халодны перыяд года.

Флора на З вобласці (вакол Міжземнага м.) складаецца з вечназялёных цвердалістых лясоў, ксерафітных кустоў і паўкусцікаў, т.зв. маквіс і таміляры. У паўпустынях і пустынях трапляюцца ксерафільныя паўкусцікі (палыны, салянкі, парналіснік) і дрэвападобныя расліны (саксаулы, пясчаная акацыя), у зімова-асенні перыяд — эфемероіды (мятліцы, цыбулі; цюльпаны, ферулы) і эфемеры (каласоўнікі, крынічнікі, малькольміі). У фауне пераважаюць віды адкрытых ландшафтаў. З млекакормячых пашыраны сям. селявініевых, тушканчыкавых, пясчанкі; грызуны, гіенавыя, каты (стэпавы, барханны, манул, каракал); капытныя — асёл, горны баран, антылопы, лань; шматлікія лятучыя мышы. З птушак пашыраны рабкі, дрофы, жаваранкі, пустынная сойка, уюркі, саракушы, валасянкі, каменкі; у гарах — грыфы, горная курапатка; на вадаёмах — пеліканы і фламінга. Сярод паўзуноў — пераважна сям. геконаў (ёсць эндэмікі), агамавых і сапраўдных яшчарак, каля 10 відаў змей, вужы (ёсць эндэмікі), полазы. Сярод земнаводных — эндэмічныя віды трытонаў, сапраўдных жаб, еўрап. пратэй, сапраўдныя саламандры. З рыб пашыраны карпавыя, ласосевыя ласасёвыя*, асятровыя, эндэмічны род самоў. Беспазваночныя: скарпіёны, сальпугі, павукі-тарантулы і інш. Шмат родаў насякомых.

Л.​В.​Кірыленка.

Да арт. Старажытнага Міжзем’я біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — як; 2 — гюрза; 3 — снежны барс; 4 — лапатанос; 5 — чарнацелка-стэрнодэс; 6 — жамчужная яшчарка; 7 — грэчаская чарапаха; 8 — блакітная сарока; 9 — пячорная саламандра; 10 — матыль-архон; 11 — шаўкапрад ізабелы; 12 — фенек.

т. 15, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)